Першая крытыка: "Што сказаць - габрэйскае нацыянальнае кіно пра габрэяў для габрэяў - хаця блізкія да антысэміцкіх эмоцыі фільм правакаваў значна часьцей, чым выклікаў суперажываньне зь Бельскімі і іхным атрадам.
Для пачатку, дзеля стылістыкі, нават Беларусь стваральнікі фільма ня здолелі не назваць "Бэлярашай". Гэтаксама, у традыцыях савецкага кіно пра "вілікую ацечаственную" мясцовае насельніцтва размаўляе на чысьцюткай расейскай мове, а дурныя немцы тузінамі кідаюцца пад кулі, у той час, як партызанскі рэмба Зус Бельскі ня зломлены нават некалькімі стрэламі амаль ва ўпор. Так, і яшчэ нешта падказвае мне, што слова "Party" ў сэнсе "вечарына" ў нямецкай мове ў 1941 годзе яшчэ не было.
Пра налібоцкі масакер, зразумела, ані згадкі, як і пра, калі не памыляюся, праблемы з законам у Бельскіх пасьля эміграцыі ў ЗША. Затое ці не найбольш сумныя сцэны фільма (бо расстрэлы габрэяў у фільме не паказаныя) - гэта забойства паліцэйскага камандзіра і яго сыноў, дзе жонка вусьцішна крычыць "Забі і мяне таксама!" і расправа над безабаронным нямецкім афіцэрам-штабніком у лесе.
Пра трагедыю габрэйства ўжо былі зьнятыя "Піяніст", "Сьпіс Шындлера" і процьма іншых выдатных і праслаўленых фільмаў. Каму і што цяпер даказваць? Што габрэі ўмеюць ваяваць, а таксама наконт таго, ці павінна помста быць лютай і бесчалавечнай - пра гэта ёсьць ужо "Мюнхен" (таксама з Крэйгам у ролі другога пляна).
А так - чым болей мусоліцца тэма Халякоста, тым, баюся, больш прытупляецца ўспрымальнасьць грамадзтва да гэтай тэмы. Не хацелася б, каб наступіў час, калі Асьвенцым перастаў бы выклікаць у людзей эмоцыі - але ж сярод расейскай ЖЖшнай "образованщины" там-сям ужо ж прынятыя жарты пра газэнваген. Не заўважалі?
Затое давялося пачуць "Купалінку" ў выкананьні савецкіх партызанаў - студэнтаў ЭГУ. Насамрэч, можа і добра, што больш беларускай мовы ў фільме глядач і ня чуў? А то акрамя габрэяў адзіныя пэрсанажы фільма - гэта паліцэйскія "беларускія сьвіньні" (паводле героя Крэйга), тупыя немцы, а таксама быдлаватыя савецкія партызаны. Дарэчы, савецкія партызаны, іхныя камандзір і яго намесьнік у выкананьні летувіскіх актораў атрымаліся на пяць з плюсам - грубыя, савецкія, суворыя і панібрацкія адначасова, такія знаёмыя і родныя пэрсанажы.
Яшчэ што спадабалася ў фільме - гэта што атрымалася раз ці два ўбачыць pgrigas у кадры.
А так - больш за адзін раз глядзець фільм наўрад ці варта. Нешта апошнім часам Крэйг завязаў здымацца ў якасных стужках."
http://czalex.livejournal.com/746745.html